У раёне менскай Камароўкі спыніліся тралейбусы
2- 24.04.2024, 11:02
- 6,060
Прычына патрапіла на відэа.
«Мінсктранс» паведаміў аб тым, што сёння ў Менску з 08:48 на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай праз пашкоджанні кантактнай сеткі адбылося спыненне руху тралейбусаў некалькіх маршрутаў. Момант абрыву лініі патрапіў на запіс відэарэгістратара.
У момант здарэння праз скрыжаванне праязджаў тралейбус. Токапрыёмнікі сарваліся з лініі і ўчапіліся за яе ж. Відэа апублікаваў на форуме «Онлайнера» карыстальнік з нікам sasha01121990.
У выніку быў перапынены рух тралейбусаў маршрутаў №37, 46, 53 у кірунку плошчы Бангалор, а маршруту №40 — у кірунку дыспетчарскай станцыі «Карастаянавай». Рух быў арганізаваны па вуліцах Куйбышава, Веры Харужай, Максіма Багдановіча.
Акрамя таго, з 09:24 з-за адключэння напружання на скрыжаванні вуліц Веры Харужай і Максіма Багдановіча спыніўся рух тралейбусных маршрутаў №12, 37, 40, 46, 53 у абодвух напрамках. Тралейбусы маршрутаў №37, 40, 46, 53 пусцілі па вуліцы Куйбышава, выбарачна з разваротам на вуліцы Талбухіна.