Краіны Балтыі папярэдзілі аб рызыках авіякатастроф
15- 29.04.2024, 11:28
- 7,896
Расейцы душаць сігналы GPS.
Міністры замежных спраў Эстоніі, Латвіі і Літвы абвінавацілі Расею ў прыглушэнні працы спадарожнікавай навігацыйнай сістэмы GPS у раёне Балтыйскага мора. У сувязі з гэтым яны папярэдзілі аб росце пагрозы авіяцыйных катастроф у рэгіёне, піша The Financial times.
Са звестак міністраў, 25 і 26 красавіка два самалёты фінскай авіякампаніі Finnair вылецелі з Хельсінкі ў эстонскі горад Тарту, але былі вымушаныя вярнуцца ў аэрапорт вылету праз перашкоды ў GPS. Такую пастанову пілоты прынялі, бо былі не ўпэўненыя, што ім удасца бяспечна дабрацца да пункта прызначэння.
«Калі нехта выключыць вам фары, пакуль вы едзеце ўночы, паездка стане небяспечнай. Сітуацыя ў Балтыйскім рэгіёне паблізу расейскіх межаў цяпер стала занадта небяспечнай, каб яе ігнараваць», - падкрэсліў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс.
Улады Эстоніі разглядаюць сітуацыю з GPS як «частку варожай дзейнасці Расеі» і ўзнімаюць гэтую тэму ў размове з супольнікамі, адзначыў міністр замежных спраў краіны Маргус Цахкна. Паводле ягоных слоў, дзеянні Масквы «ўяўляюць сабой гібрыдную атаку і пагрозу нашаму народу і бяспецы, чаго мы не будзем трываць».
Са жніўня 2023-га да канца сакавіка 2024 года колькасць выпадкаў з глушэннем або падменай GPS-сігналу ў раёне Балтыйскага мора павялічылася з менш як 50 да 350 на тыдзень, падлічыла газета The Sun з дапамогай экспэртаў на падставе звестак GPSJAM.org.