The Telegraph: Трамп хоча прымусіць краіны NATO павялічыць выдаткі на абарону да 3% ВУП
20- 4.05.2024, 16:51
- 2,888
На фоне пагроз з боку Расеі і Кітая.
45-ы амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп у выпадку перамогі на выбарах у ЗША разглядае планы прымусіць сябраў NATO павялічыць выдаткі на абарону да 3% ВУП. Пра гэта паведаміла выданне The Telegraph (пераклад – liga.net) са спасылкай на суразмоўцаў.
Паводле звестак выдання, Трамп уважае, што краіны-сябры павінны зрабіць большы фундуш у калектыўную абарону альянсу на фоне пагроз з боку Расеі і Кітая. Ён таксама ўважае, што правілы бухгалтарскага ўліку трэба змяніць такім чынам, каб дапамога Украіне не залічвалася ў суму выдаткаў на абарону.
Са слоў суразмоўцы, Трамп ужо некаторы час разглядае магчымасць павелічэння выдаткаў, але яшчэ больш пераканаўся ў гэтым пасля сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам у мінулым месяцы.
- Яго думкі схіляюцца да павелічэння выдаткаў на абарону ў бок 3%, асабліва пасля размовы з Дудам– і гэта не ўлічваючы грошай для Украіны, – сказаў суразмоўца выдання.
Выданне адзначыла, што Дуда раней сцвярджаў, што 3% ВУП на абарону (узровень, якога дасягнулі толькі Польшча, ЗША і Грэцыя) неабходны для абароны ад пагроз, што нарастаюць, у тым ліку магчымы пачатак прамой канфрантацыі Расеі з NATO.