19 траўня 2024, Нядзеля, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ адзін самалёт расейскай авіякампаніі зламаўся падчас рэйса

2
Яшчэ адзін самалёт расейскай авіякампаніі зламаўся падчас рэйса

У паветры ён падаў сігнал бедства.

Пасажырскі самалёт Airbus A321 авіякампаніі Nordwind («Паўночны вецер»), які вылецеў з Масквы ў Арэнбург, падаў у паветры сігнал бедства і вярнуўся ў аэрапорт вылету, паведаміў прадстаўнік Расавіяцыі Арцём Караняка, піша The Moscow Times.

Гаворка ідзе аб рэйсе NWS077, які, паводле звестак онлайн-табло, вылецеў у Арэнбург а 13:27 мск. А 15:05 мск борт шчасна прызямліўся ў аэрапорце Шарамеццеве, правёўшы ў паветры амаль 40 хвілін. Пастанову аб вяртанні ў аэрапорт вылету прыняў камандзір паветранага судна, удакладнілі ў Расавіяцыі. У момант змены курсу борт пралятаў над Арзамасам у Ніжагародскай вобласці, вынікае са звестак сэрвісу Flightradar.

Прычынай вяртання судна ў Маскву стала разгерметызацыя кабіны пілотаў, паведаміла крыніца ТАСС. Пасля выяўлення тэхнічнай няспраўнасці самалёт знізіўся з вышыні 10 тысяч метраў да 3 тысяч. На нейкі момант самалёт знікаў з радараў, але неўзабаве з'явіўся зноў.

У Расеі імкліва вырасла колькасць авіяздарэнняў пасля ўвядзення санкцый ЗША і ЕЗ за вайну ва Украіне. У 2023 годзе былі зафіксаваныя не менш як 74 розныя паломкі самалётаў у паветры, што на 38 больш, чым у 2022-м, падлічвала нямецкая даследчая кампанія Jacdec.

На кожныя 100 тысяч вылетаў прыпадала амаль 10 авіяздарэнняў, тады як годам раней – толькі пяць, гаварылася ў аналізе, атрыманым на аснове звестак даследчай кампаніі Cirium. Да такіх здарэнняў аналітыкі аднеслі выпадкі ўзгарання ці іншага выхаду з ладу рухавікоў падчас палётаў, пашкоджанні шасі пры прызямленні, а таксама няспраўнасці закрылкаў, якія прыводзяць да адхілення ад курсу.

У 2024 годзе чарада авіяінцыдэнтаў працягнулася - толькі ў студзені іх было дзесяць. За першыя тры месяцы года ў шасці лайнераў у палёце адмаўлялі рухавікі.

У большасці выпадкаў сур'ёзнай шкоды або катастрофы ўдалося пазбегнуць, але сталыя тэхнічныя непаладкі ствараюць значную рызыку для пасажыраў і ўзмацняюць нагрузку на пілотаў.

Да вайны ва Украіне авіяпарк расейскіх кампаній налічваў 1031 самалёт. Амаль дзве траціны флоту складалі паветраныя судны вытворчасці Boeing і Airbus.

«Санкцыі, уведзеныя супраць расейскіх авіякампаній, істотна ўскладнілі падтрыманне лётнай прыдатнасці самалётаў і іх тэхнічнага стану», – казаў гендырэктар літоўскай авіяцыйнай кансалтынгавай кампаніі Friendly Avia Support Аляксандр Ланецкі.

З яго слоў, пасля страты доступу да заходніх тэхнічных кіраўніцтваў у некаторых расейскіх авіякампаніях распрацавалі ўласныя праграмы рамонту і абслугоўвання. «Гэтыя імправізаваныя падыходы выклікаюць асцярогі з нагоды патэнцыйных наступстваў і бяспекі», – адзначаў Ланецкі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках