19 траўня 2024, Нядзеля, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Струмень мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы рэкордна вырас

9
Струмень мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы рэкордна вырас

Навошта рэжым Лукашэнкі зноў накіроўвае мігрантаў да еўрапейскіх межаў.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі зноў набірае абароты. Колькасць спроб незаконна патрапіць у еўрапейскія краіны з тэрыторыі РБ значна павялічылася ў пачатку гэтага года. Гэтым разам большасць з іх зафіксаваная на мяжы з Польшчай і толькі ў адзінкавых выпадках - з Літвой.

Пра гэтую тэндэнцыю «Нямецкая хваля» паразмаўляла з сацыёлагам Генадзем Коршунавым, які аналізуе статыстыку спроб нелегальнага перасячэння мяжы.

Мігранты - зброя Лукашэнкі супраць Захаду

На думку Коршунава, Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць мігрантаў як своеасаблівую зброю ў супрацьстаянні з Захадам. Ён мяркуе, што пра гэта Лукашэнка дамовіўся з Пуціным яшчэ восенню 2020-га - у разгар пратэстаў у Беларусі, "каб дэстабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю ў Еўропе і нарасціць супярэчнасці паміж краінамі". “Пра гэта гавораць лічбы”, - мяркуе экспэрт.

Так, за ўвесь 2020 год была зафіксавана 81 спроба незаконнага перасячэння мігрантамі мяжы Літвы, а ўжо са студзеня да траўня 2021 года было затрымана 189 мігрантаў. Далей лічбы раслі.

Да "міграцыйнай зброі" Лукашэнка звяртаецца ў патрэбных яму сітуацыях, мяркуе сацыёлаг. Ён тлумачыць гэтую версію супадзеннем у часе павелічэння спроб незаконна перасекчы мяжу з ЕЗ і пачаткам чарговых этапаў вайны Расеі супраць Украіны.

“У гэтым я бачу спробу Лукашэнкі паўдзельнічаць, наколькі гэта яму пад сілу, у гэтай вайне. Свае войскі ўводзіць страшна і небяспечна, а мігрантаў - чаму б і не? - кажа экспэрт. - Магчыма, для яго адзін з відаў платы за падтрымку з боку пуцінскай Расеі”.

Адкуль рэзкі рост спроб перасячы мяжу з ЕЗ?

Рэзкаму павелічэнню спроб нелегальна перасячы мяжу ў апошнія тры месяцы ў Генадзя Коршунава ёсць некалькі тлумачэнняў.

Пасля таго, як Фінляндыя ў канцы 2023 года фактычна закрыла свае межы з Расеяй, для акцый такога кшталту ў Расеі застаўся толькі "беларускі калідор" з уваходам у яго ў Маскве.

Другі момант - ёсць цэлы шэраг ускосных довадаў, што з 2021 года міграцыйныя “напады” на мяжы з Беларуссю кантралююць набліжаныя да беларускіх уладаў арганізацыі.

Мяркуючы з інфармацыі польскіх і літоўскіх памежнікаў, на тэрыторыі Беларусі групы мігрантаў могуць суправаджаць людзі ў вайсковай форме, якія не толькі дапамагаюць ім дабрацца да мяжы, але і перыядычна забяспечваюць прыладамі для пераадолення загарод.

Грошы, шантаж і зручны момант

“Для мяне ўзаемасувязь беларускіх і расейскіх сілавых структур, якія курыруюць міграцыйныя плыні, тут відавочная, - разважае Коршунаў. - Пры гэтым, хутчэй за ўсё, курыруюцца яны не праз міліцыю, паліцыю, памежнікаў і гэтак далей, а праз прыватныя структуры, якія на гэтым яшчэ і зарабляюць”.

Тое, што цяперашнія атакі накіраваныя, у першую чаргу, на Польшчу, экспэрт тлумачыць тым, што краіна з самага пачатку панавання Лукашэнкі была для яго гэтакім увасабленнем “каварнага Захаду” і сховішчам для беларускіх дысідэнтаў.

Тое, што зараз - перыяд асаблівага абвастрэння, ускосна пацвярджае і тое, што ў Беларусі пераследуюць уладальнікаў карты паляка, актыўна закрываюць курсы польскай мовы і агулам уціскаюць інтарэсы польскай дыяспары.

У выпадку з Літвой, на думку Коршунава, рэжым усё яшчэ спадзяецца на адкрыццё дарогі да літоўскіх партоў, што вельмі важна для эканомікі Беларусі. «Другі момант: у апошнія некалькі месяцаў у Літве гучыць тэма радыкальнага ліцвінізму, што негатыўна адбіваецца на становішчы беларускай дыяспары ў Літве. А рэжыму ж гэта выгадна. Таму ўмешвацца яшчэ і з міграцыйным парадка дня яму зараз не трэба. Версія, магчыма, канспіралагічная, але мае права на існаванне”, - кажа Генадзь Коршунаў.

Яшчэ адзін важны чыннік, на думку сацыёлага, - закрытыя Літвой з 1 сакавіка памежныя пераходы Райгардас (з беларускага боку - Прывалка) і Лаварышкі (Катлоўка). Адкрытымі засталіся толькі два пункты пропуску з шасці. “Калі зараз рэжым паспрабуе справакаваць Літву, то яна можа закрыць і іх”, - кажа ён.

Закрыццё памежных пераходаў на мяжы Беларусі з Польшчай, на думку экспэрта, Беларусь зараз хвалюе менш. Як мінімум таму, што праз польскую мяжу ідзе кітайскі транзіт, і яго дакладна не перакрыюць.

Нелегальныя мігранты - сур'ёзная праблема для ЕЗ?

Паводле версіі экспэрта, нягледзячы на пабудаваныя ўздоўж мяжы агароджы і агулам меры, якія Еўропа прымае супраць нелегальнай міграцыйнай плыні з тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка гэты інструмент пакідаць не збіраецца.

Калі зараз для яго гэта, са слоў Коршунава, “невялікае прыемнае паскудства” Еўропе, то ў выгадны для рэжыму момант яно можа стаць сур'ёзнай праблемай для ЕЗ. Такі ж, як, напрыклад, 10 лістапада 2021 года, калі адразу дзве масавыя групы. мігрантаў змаглі прарвацца праз беларуска-польскую мяжу і трапіць на тэрыторыю Польшчы. Усяго, паводле звестак польскіх памежнікаў, толькі за адзін дзень было зафіксавана 599 спроб прарыву польскай мяжы.

На думку экспэрта, на працягу некалькіх тыдняў за кошт арганізаваных і кантраляваных калідораў рэжым і зараз, калі яму гэта будзе трэба, зможа сабраць групу з тысяч мігрантаў, якія зноў масава прыбудуць да мяжы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках