Два самалёты расейскіх авіякампаній зламаліся падчас рэйсу
6- 7.05.2024, 20:08
- 5,808
Абодва лайнеры здзейснілі вымушаныя пасадкі.
Два самалёты Airbus расейскіх авіякампаній зламаліся цягам аднаго дня, абодва лайнеры здзейснілі вымушаныя пасадкі.
У Казані самалёт авіякампаніі «Сібір» здзейсніў змушаную пасадку праз непаладкі ў працы левага рухавіка. Прыволжская транспартная пракуратура пачала праверку інцыдэнту.
«Татарская транспартная пракуратура праводзіць праверку бяспекі палётаў у сувязі з аварыйнай пасадкай самалёта Airbus A320, які выконваў рэйс S7 № 5036 па маршруце Новасібірск – Казань 6 траўня», – гаворыцца ў паведамленні нагляднай установы.
Таксама 6 траўня пасажырскі самалёт Airbus A321 авіякампаніі Nordwind («Паўночны вецер»), які вылецеў з Масквы ў Арэнбург, падаў у паветры сігнал бедства і вярнуўся ў аэрапорт Шарамеццева.
Паводле звестак крыніцы ТАСС, прычынай вяртання паветранага карабля стала разгерметызацыя кабіны пілотаў. Пасля выяўлення тэхнічнай няспраўнасці самалёт знізіўся з вышыні 10 тыс. метраў да 3 тыс. На нейкі момант самалёт знікаў з радараў, але хутка з'явіўся зноў.
У Расеі рэзка вырасла колькасць авіяздарэнняў пасля ўвядзення санкцый ЗША і ЕЗ за вайну ва Украіне. У 2023 годзе было зафіксавана не менш як 74 розныя паломкі самалётаў у паветры, што на 38 больш, чым у 2022-м, падлічвала нямецкая даследчая кампанія Jacdec.
На кожныя 100 тыс. вылетаў прыходзілася амаль 10 авіяздарэнняў, у той час як год таму – толькі пяць, гаварылася ў аналізе, атрыманым на аснове звестак даследчай кампаніі Cirium. Да такіх здарэнняў аналітыкі аднеслі выпадкі загарання ці іншага выйсця са строю рухавікоў падчас палётаў, пашкоджанні шасі пры прызямленні, а таксама няспраўнасці закрылкаў, якія прыводзяць да адхілення ад курсу.
У 2024 годзе чарада авіяінцыдэнтаў прадоўжылася – толькі ў студзені іх было дзесяць. За першыя тры месяцы года ў шасці лайнераў у палёце адмаўлялі рухавікі.
У большасці выпадкаў сур'ёзнай страты або катастрофы атрымалася ўнікнуць, але сталыя тэхнічныя непаладкі ствараюць значную рызыку для пасажыраў і ўзмацняюць нагрузку на пілотаў.
Да вайны ва Украіне авіяпарк расейскіх кампаній налічваў 1031 самалёт. Амаль дзве траціны флоту складалі паветраныя караблі вытворчасці Boeing і Airbus.