Навукоўцы: Гіганцкі кратар у Сібіры расце з ашаламляльнай хуткасцю кожны год
10- 7.05.2024, 21:27
- 21,558
Яго ўпершыню знайшлі на спадарожнікавых здымках у 1991 годзе.
Навукоўцы заявілі, што «брама ў пекла», або Батагайскі мегаабвал, у Сібіры штогод «актыўна разрастаецца». Гэтае гіганцкае ўтварэнне ў вечнай мерзлаце павялічваецца на мільён кубічных метраў кожны год з раставаннем мерзлаты, паведамляе Live Science.
Кратар таксама называюць Батагайка, яго ўпершыню знайшлі на спадарожнікавых здымках у 1991 годзе. Ён утварыўся ў выніку абвальвання часткі схілу на Янінскім сугор'і на поўначы Якуціі ў Расеі. У выніку абрушэння агаліўся пласт вечнай мерзлаты, які быў замарожаны блізу 650 тысячаў гадоў. Гэта самая старая вечная мерзлата ў Сібіры і другая ў даўнасці ў свеце.
Новае даследаванне паказвае, што скала, або сцяна, Батагайскага мегаабвалу адступае з хуткасцю 12 метраў на год праз раставанне вечнай мерзлаты. Частка схілу, якая абвалілася, падае на глыбіню 55 метраў і таксама хутка растае.
«Прыкметы хуткага раставання вечнай мерзлаты шырока распаўсюджаныя і назіраюцца ў арктычных і субарктычных раёнах з багатай на лёд вечнай мерзлатой», – пішуць навукоўцы ў сваім даследаванні. Але, паводле іхніх словаў, колькасць лёду адкладаў, страчаных у выніку Батагайскага мегаабвалу, «выключна вялікая» праз вялізныя памеры ўпадзіны, дыяметр якой на стан 2023 года складаў 990 метраў.
У 2014 годзе шырыня мегаабвалу складала 790 метраў. Гэта значыць, менш як за 10 гадоў ён пашырыўся на 200 метраў. Навукоўцы і да гэтага ведалі, што абвал пашыраецца, але ўпершыню падлічылі аб'ём расплаўленага матэрыялу, які вылучыўся з яго.
Іх вынікі паказалі, што аб'ём адкладаў і лёду, якія расталі ў выніку абвалу, эквівалентныя 14 пірамідам Хеопса. Хуткасць раставання заставалася даволі стабільнай цягам апошняга дзесяцігоддзя, у асноўным уздоўж верхняй сценкі на заходнім, паўднёвым і паўднёва-ўсходнім краях кратара.