Жыхароў Рагачова заклікалі «не паддавацца на правакацыі» праз іржавую ваду
11- 8.05.2024, 16:43
- 4,040
Гараджане вымушаныя ў вялікай колькасці набываць пітную ваду ў крамах.
Жыхар раёна Малочна-кансервавага камбіната Рагачова паскардзіўся ў мясцовым чаце на іржавую ваду з крана. Праблема не новая - у гэтым райцэнтры, як і ў Хойніках, і ў іншых гарадах Гомельскай вобласці непрыдатная нават для бытавых патрэб вада з'яўляецца рэгулярна, паведамляе «Флагшток».
Гараджане вымушаныя ў вялікай колькасці набываць пітную ваду ў крамах — некаторыя патрабуюць правядзення пераразліку за аплату водазабеспячэння.
Аднак гэтым разам сітуацыя выявілася «на мяжы фолу»: мясцовыя ўлады прызналіся ў сваёй неплатаздольнасці.
Пасля таго, як карыстальнік чата абвінаваціў камунальнікаў у халатнасці і прыстрашыў «выклікаць вобласць», намесніца начальніка аддзела ЖКГ Рагачоўскага райвыканкама Святлана Казакевіч апублікавала эмацыйнае паведамленне, адзначыўшы, што «мы ўсе вельмі перажываем».
Як заявіла Казакевіч, у райвыканкаме і ў адказных арганізацыях ведаюць аб праблеме і нават правялі нараду з удзелам прадстаўнікоў абласных структур:
«Звярнуліся да іх па дапамогу, бо пакуль самі не можа вызначыць прычыны праблемы. Пасля працоўнай нарады прынятая пастанова выканаць шэраг супольных мерапрыемстваў».
Са слоў чыноўніцы, усе мерапрыемствы яшчэ не выкананыя, а спецыялісты працуюць кожны дзень:
«Паверце, усе мы вельмі перажываем. І перажыванні звязаныя не з тым, што вы кудысьці напішыце вышэй, а з тым, што пакуль не можам ліквідаваць праблему».
Акрамя таго, Казакевіч заклікала мясцовых жыхароў «не паддавацца на правакацыі», не ўдакладніўшы, што яна мае на ўвазе.