Рой дронаў атакаваў нафтабазу РФ пад Анапай
7- 9.05.2024, 8:08
- 23,828
Успыхнуў магутны пажар.
Уначы 9 траўня была атакаваная нафтабаза ў сяле Юроўка пад Анапай Краснадарскага краю РФ. Пашкоджаныя некалькі рэзервуараў. Акрамя таго, у расейскім Белгарадзе прагрымелі выбухі і ўспыхнулі пажары.
Выбухі на нафтабазе "Тэмп" на ўскраіне Юроўкі былі чутныя блізу 2 гадзін ночы, пішуць расейскія Telegram-каналы.
З паведамленняў журналістаў, нафтабазу атакавалі шэсць украінскіх беспілотнікаў.
На адным з відэа бачна, як на месцы "прылёту" пачаўся буйны пажар.
Жыхары Юроўкі расказалі, што пачулі «гул матора ў небе», потым выбух і яркі выбліск.
Аператыўны штаб Краснадарскага краю РФ паведаміў, што БПЛА атакавалі нафтабазу ў сяле Юроўка, піша ВВС.
«Блізу шасці БПЛА былі знішчаныя, аднак некалькі ўпалі на тэрыторыі нафтабазы. У выніку пачаўся пажар - пашкоджаныя некалькі рэзервуараў», - гаворыцца ў паведамленні.
Да ліквідацыі агню былі прыцягнуты 62 чалавекі і 20 адзінак тэхнікі, у тым ліку ад МНС Расеі 25 чалавек і 7 адзінак тэхнікі.
«На месцы знаходзіцца мэр Анапы Васіль Швец, які асабіста курыруе ліквідацыю НС. З папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма», - паведамляе штаб.
Расейскія тэлеграм-каналы пішуць, што ў расейскім Белгарадзе прагрымелі выбухі і ўспыхнулі пажары.
Тэлеграм-канал "Go31/Навіны" перадаў, што гараць некалькі машын. Акрамя таго, загарэўся гаражны кааператыў, піша "База". У некалькіх дамах выбітыя вокны.