20 траўня 2024, панядзелак, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяброўства Беларусі ў НАТА ўмацуе бяспеку краін Балтыі і Польшчы

6
Сяброўства Беларусі ў НАТА ўмацуе бяспеку краін Балтыі і Польшчы

Якія выгады і праблемы ад патэнцыйнага сяброўства Беларусі ў НАТА.

Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю артыкулаў з кнігі "Беларусь у НАТА", выдадзенай фондам "Еўрапейская Беларусь". Гэты артыкул напісаны навуковай супрацоўніцай латвійскага Цэнтра геапалітычных даследаванняў Луізэ Ліцэ-Танэ.

За час з 24 лютага 2022 года геапалітычны ландшафт у Еўропе зазнаў значныя змены, бо краіны ў адказ на расейскую вайну супраць Украіны, вымушаныя былі пераацаніць свае абарончыя дактрыны ў сувязі са змененымі варункамі бяспекі. Праз тое, што Беларусь размешчаная паміж Расеяй і некалькімі краінамі Арганізацыі Паўночнаатлантычнага Альянсу (НАТА), роля Расеі ў падзеях, якія маюць месца ў Беларусі, яшчэ больш паўплывала на меркаванні рэгіянальнай бяспекі. Для таго, каб зразумець ролю Беларусі ў сістэме рэгіянальнай бяспекі, неабходна вывучыць пункт гледжання суседніх з ёй краін, з якіх Латвія ў гэтым артыкуле будзе прааналізаваная больш уважліва. З прычыны геапалітычнага размяшчэння балтыйскіх дзяржаў – Эстоніі, Латвіі і Літвы – на іх гістарычна зрабіла ўплыў палітыка суседзяў.

У нашы дні, нягледзячы на тое, што яны геаграфічна параўнальна невялікія, краіны Балтыі маюць вялікую геапалітычную важнасць і, як сябры НАТА, адыгрываюць істотную ролю ў абароне ўсходняга флангу НАТА. Такім чынам, канфлікты паміж краінамі Усходняй Еўропы і Расеяй, і параўнальна нядаўняя непрадказальнасць Беларусі, выклікаюць вялікую заклапочанасць краін Балтыі, і прывялі Латвію, у шмат якіх выпадках, да ўсведамлення ўразлівасці сваёй бяспекі.

Прэзідэнцкія выбары 2020 годзе у Беларусі, якія суправаджаліся шырокімі грамадзянскімі пратэстамі і гвалтам з боку дзяржавы, а таксама падзеі, якія былі следам за гэтым, дадалі трывогі краінам-суседзям Беларусі. Канкрэтнымі прыкладамі гэтага сталі прымусовая, справакаваная Беларуссю пасадка цывільнага самалёта, які ляцеў ў Вільню 23 траўня 2021 года, мігранцкі крызіс 2021 года і расейская вайна 2022 года супраць Украіны, узмоцненая тым фактам, што ўварванне Расеі ва Украіну часткова адбывалася з тэрыторыі Беларусі. Фактычна, увесну і ўлетку 2021 года Польшча, Латвія і Літва сутыкаліся з бесперапыннай плынню мігрантаў, якія рухаліся з Блізкага Усходу праз Беларусь і падштурхоўваліся да меж гэтых краін беларускім рэжымам. Аднак было хутка вызначана, што так званы гуманітарны крызіс быў створаны беларускім рэжымам і з’яўляўся адной з акцый гібрыднай вайны. Гэтыя дзеянні былі накіраваныя на мілітарызацыю праблемы мігрантаў з мэтай прасунуць беларускую палітычную тэматыку і дэстабілізаваць краіну-аб'ект і Еўрапейскі Звяз у цэлым. Хаця мяжа Латвіі з Расеяй з'яўлялася важным чыннікам у ацэнцы яе бяспекі, крытыкі адзначылі неабходнасць далейшага ўзмацнення процідзеяння гібрыдным пагрозам і паляпшэння аховы мяжы з Беларуссю.

Вышэйапісаныя падзеі сталіся прыкметай моцнага спаду ў стасунках паміж Латвіяй і Беларуссю, якія да 2020 года маглі быць ахарактарызаваныя як прагматычныя. Для ілюстрацыі (сказанага): замена мэрам Рыгі афіцыйнага сцяга Беларусі на бел-чырвона-белы сцяг апазіцыі падчас чэмпіянату свету ў хакеі прычынілася да таго, што абедзве краіны, Латвія і Беларусь, выслалі дыпламатаў адна адной, такім чынам прыпыніўшы дыпламатычныя стасункі.

Больш за тое, улетку 2023 года на фоне працягу вайны Расеі ва Украіне ўзнікла новая пагроза бяспецы Польшчы, Латвіі ды Літвы ў сувязі з прысутнасцю ў Беларусі групы Вагнера — прыватнай вайсковай арганізацыі з блізкімі сувязямі з Расеяй. І хоць пагроза не матэрыялізавалася, яна стала адлюстраваннем непрадказальнасці беларускага рэжыму. У выніку падзеі, якія разгортваюцца ў Беларусі, і вайскова-палітычнае супрацоўніцтва Расеі і Беларусі кідаюць выклік будучай рэгіянальнай стабільнасці і бяспецы. Пры гэтым супрацоўніцтва паміж Расеяй і Беларуссю дадало складанасці і ў стварэнні надзейнага чынніка стрымлівання для краін Балтыі ды іншых суседніх з імі дзяржаў-сябраў НАТА.

Такім чынам, калі да 2020 года стасункі паміж Латвіяй і Беларуссю грунтаваліся на практычным супрацоўніцтве, то пасля 2020 года Беларусь стала пагрозай нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы Латвіі ды іншых суседніх краін.

Акрамя таго, вайна Расеі супраць Украіны навочна паказала важнасць і сучасную актуальнасць НАТА і нагадала аб тых прычынах, праз якія альянс найперш і ствараўся. З моманту яго стварэння ў 1949 годзе ён адыгрываў важную ролю ў фармаванні ландшафту бяспекі Еўропы. І важна адзначыць, што НАТА як стрымальны чыннік і мера гарантыі на яе ўсходнім флангу падтрымлівала стабільнасць, а таксама значна змякчала неспакой Латвіі наконт бяспекі, асабліва пасля незаконнай анэксіі Крыма ў 2014 годзе. Хоць Беларусь вяла дыялог і практычнае супрацоўніцтва з НАТА да 2021 года, калі яе сябры прыпынілі супрацоўніцтва з Беларуссю, яна не выказвала выяўнага намеру дамагацца сяброўства ў НАТА.

Больш за тое, абмеркаванне сяброўства Беларусі ў НАТА цяпер з'яўляецца гіпатэтычным. Аднак у выпадку пераходу Беларусі да дэмакратыі маецца на ўвазе, што гарантаваць сваю доўгатэрміновую бяспеку яна можа, толькі стаўшы сябрам НАТА.

У той час як магчымае сяброўства Беларусі ў НАТА мела б складаныя і далёкасяжныя наступствы як дзяржавы-суседа краін-сябраў НАТА і ЕЗ, яе сяброўства ў НАТА магло б унесці станоўчы ўклад у еўраатлантычную бяспеку і спрыяць устойліваму міру ў Еўропе.

Такім чынам, у кантэксце гэтага артыкула, варта разгледзець магчымыя выгады і праблемы ад патэнцыйнага сяброўства Беларусі ў НАТА з перспектывы бяспекі Латвіі.

Можна меркаваць, што патэнцыйнае сяброўства Беларусі ў НАТА магло б паспрыяць рэгіянальнай бяспецы і павялічыць супрацоўніцтва паміж суседнімі краінамі, усталяваўшы стасункі, грунтаваныя на агульных вартасцях дэмакратыі, правоў чалавека і літары закону. Яе сяброўства можа таксама стымуляваць супрацоўніцтва, каб супрацьстаяць гібрыдным пагрозам. У дадатак, яно магло б беспасярэдне ўмацаваць бяспеку Латвіі, засцярогшы Сувалкскі калідор. Ён злучае Літву і Польшчу, размешчаны паміж Расеяй (Калінінградская вобласць) і Беларуссю і з'яўляецца ўразлівым пунктам для бяспекі краін Балтыі. Захоп Сувалкскага калідора мог бы адцяць адзіны наземны шлях для патэнцыйных падмацаванняў з боку НАТА і ізаляваць балтыйскія краіны ад астатняй тэрыторыі альянсу.

Такім чынам, перспектыва далучэння Беларусі да НАТА, аб'яднаўшы рэгіён, патэнцыйна ўзмацніла б бяспеку Сувалскага калідора. Такім чынам, яе сяброўства ў НАТА ўмацавала б бяспеку суседніх з Беларуссю краін, стварыўшы дадатковую буферную зону супраць краін, якія кідаюць выклік рэгіянальнай бяспецы.

Прынцыпова важна тое, што сяброўства Беларусі ў НАТА ўмацавала б стрымальны чыннік, павялічыўшы надзейнасць стрымлівання ў дачыненні да патэнцыйнага агрэсара, бо такое сяброўства дае доступ да механізмаў калектыўнай абароны, апісаных у Артыкуле 5 трактату НАТА, дзе заяўлена, што напад на аднаго сябра арганізацыі ўважаюць за напад на ўсіх. Можна меркаваць, што Расея не напала на тэрыторыю краіны-сябра НАТА праз рызыку ўводу ў дзеянне механізма калектыўнага дзеяння. Само сабой сяброўства ў НАТА дало б Беларусі гарантыі калектыўнай абароны і ў выніку стварыла б больш стабільныя стасункі паміж Беларуссю і Расеяй. У выпадку ўзброенага нападу сяброўства ў НАТА магло б дадаткова спрыяць бяспецы Латвіі і наадварот – з прычыны геаграфічнай блізкасці адна да адной. Такім чынам, краіны Балтыі, а таксама іншыя суседнія дзяржавы, атрымалі б выгаду ад мацнейшага механізму калектыўнай абароны і павелічэння захадаў стрымлівання ў рэгіёне.

З іншага боку, пры разглядзе стратэгічных стасункаў Беларусі і Расеі ды іх блізкіх гістарычных і культурных сувязяў, патэнцыйнае сяброўства можа абвастрыць напружанасць паміж дзвюма краінамі. І яна можа зрабіць пабочнае ўздзеянне на стасункі Расеі з НАТА і прычыніцца да эскалацыі напружанасці ў рэгіёне. Больш за тое, раз Расея можа ўспрыняць рух Беларусі да НАТА як пагрозу сваёй нацыянальнай бяспецы і інтарэсам бяспекі, яна можа адказаць сваімі контрзахадамі, каб дэстабілізаваць рэгіянальную бяспеку. Пры геаграфічнай блізкасці да Расеі і Беларусі, такое развіццё падзей наўпрост паўплывала б на нацыянальную бяспеку Латвіі. У выніку можна сцвярджаць, што самай значнай праблемай краіны-суседкі Расеі, якая імкнецца стаць сябрам НАТА, з'яўляецца заўсёдная апазіцыя Расеі павелічэнню НАТА паблізу ад яе меж.

Разглядаючы шлях балтыйскіх краін да незалежнасці і дэмакратыі, Беларусь можа атрымаць каштоўную навуку ў дзяржаў Балтыі, якія далучыліся да НАТА ў 2004 годзе, нават нягледзячы на тое, што іх сяброўства ў альянсе ў той час здавалася малаімаверным.

Пасля таго як краіны Балтыі зноў атрымалі незалежнасць у 1991 годзе, шлях да сяброўства ў НАТА быў спалучаны з перашкодамі, збольшага праз неабходнасць палітычных, вайсковых ды інстытуцыйных рэформаў, каб адпавядаць крытэрам сяброўства ў НАТА. Аднак, хоць Расея ў той час выказвала сваю апазіцыю павелічэнню НАТА каля сваіх меж, сама яна была падзеленая і занадта занятая сваімі ўнутранымі клопатамі, каб кінуць рэальны выклік далучэнню балтыйскіх краін да НАТА. Такім чынам, улічваючы бягучае геапалітычнае асяроддзе, уступленне Беларусі ў НАТА малаімавернае, пакуль Беларусь і Расея не зменяць курс.

Важнае тое, што спрыянне, якое робіцца паўночнымі суседзямі дзяржаў Балтыі ды скандынаўскімі краінамі пасля таго, як балтыйскія краіны зноў атрымалі незалежнасць і ў выніку ўтворанага партнёрства паміж краінамі, праклала шлях уступленню ў НАТА і ЕЗ для балтыйскіх краін.

Аналагічна, беручы да ўвагі нязменную падтрымку з боку краін Балтыі беларускага грамадства, яго намаганняў для дасягнення свабоды і дэмакратыі і пры пераходзе да дэмакратыі, Беларусь можа разглядаць зварот да сваіх беспасярэдніх суседзяў, балтыйскіх краін, па дапамогу. На гэты момант будучыня дэмакратычнай Беларусі залежыць ад настойлівасці беларускага грамадства ў яго спробах прасоўваць пераход да дэмакратыі.

Акрамя таго, падрыхтоўчыя дзеянні для інтэграцыі ў НАТА маюць выконвацца ў межах існых магчымасцяў.

Луізэ Ліцэ-Танэ – малодшая навуковая супрацоўніца Цэнтра геапалітычных даследаванняў, Рыга. Яна мае ступені бакалаўра паліталогіі ды магістра міжнародных стасункаў і дыпламатыі. Ейныя даследчыя інтарэсы ўключаюць бяспеку і абарону краін Балтыі, стратэгію стрымлівання, бяспеку Арктыкі і аналіз узброеных канфліктаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках