9 траўня 2024, Чацвер, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі сістэмаў Patriot трэба Украіне для абароны: Зяленскі назваў лік

Колькі сістэмаў Patriot трэба Украіне для абароны: Зяленскі назваў лік

«Кожны дзень павінны ўмацоўваць тыя ці іншыя ўкраінскія пазіцыі».

Украіна прайшла 27 красавіка яшчэ адзін масаваны ракетны ўдар – 34 расейскія ракеты розных тыпаў. Асноўная цэль – гэта энэргетыка, розныя аб'екты галіны: і электраэнэргетыка, і аб'екты для транзіту газу. Менавіта тыя газавыя аб'екты, ад якіх залежыць, сярод іншага, бяспека паставак у Еўразвяз.

Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце.

– Частку ракетаў сёння атрымалася збіць, і я ўдзячны кожнаму ўкраінскаму ваяру, які быў сапраўды дакладным і своечасова рэагаваў. Траекторыі ракетаў і сам характар удару былі пралічаныя расейскімі тэрарыстамі так, каб больш ускладніць працу ўкраінскай СПА. Кожная збітая сёння ракета – гэта важкі вынік, – адзначыў ён.

Прэзідэнт Украіны дзякуе ўсім партнёрам, якія ўжо дапамаглі краіне з СПА: цяпер кожная сістэма для абароны неба, кожная супрацьракета – гэта літаральна абарона жыцця. І важна, каб усе новыя дамоўленасці з партнёрамі, якія ўжо ёсць на ўзмацненне ўкраінскай СПА, важна, каб кожная ініцыятыва сяброў Украіны дапамагчы, сярод іншага, з пошукам і пастаўкай Patriot, – каб усё гэта спрацавала як мага хутчэй.

– Сем сістэмаў патрэбныя Украіне – і гэта мінімум. Гэтыя Patriot ёсць у партнёраў, – сказаў ён.

Расейскія тэрарысты бачаць, што ў партнёраў, на жаль, цяпер няма для Еўропы такой самай катэгарычнасці ў абароне ад тэрору, якую яны прадэманстравалі на Блізкім Усходзе, зазначыў Зяленскі. Але ўсё ж ёсць магчымасць вылучыць неабходную колькасць і якасць сістэмаў СПА. Трэба не прапусціць час – трэба даць неабходны сігнал настойлівасці, мяркуе ён.

– Таксама я хачу падзякаваць зараз усім краінам і лідэрам, якія рэальна працуюць над тым, каб абмежаваць расейскія схемы абыходу санкцый. Дзякуй усім палітыкам і грамадскім дзеячам, журналістам, якія інфармуюць, як Расея завозіць камплектавальнікі для ракетаў і іншай зброі – праз парушэнне санкцый свету. Кожны матэрыял у сродках масавай інфармацыі пра схемы абыходу санкцый, кожны публічны заклік да ўзмацнення санкцый, уся палітычная праца дзеля гэтага, якая прыводзіць да вынікаў, абмяжоўвае не толькі пуцінскі тэрор, але і тэрор у цэлым. І ў гэтым ёсць глабальны сэнс нашага ўзаемадзеяння – усіх партнёраў, – сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

– Вельмі важна, каб такія ўдары, як сёння, не ператвараліся ў руціну для свету. Я ўдзячны ўсім лідарам, якія рэагуюць, якія асуджаюць расейскі тэрор, якія кантактуюць з партнёрамі, якія маюць у сябе і СПА, якое магло б працаваць ва Украіне, і адпаведныя ракеты. Каб тэрарысты пацярпелі паразу, салідарнасць лідараў у абароне ад тэрору павінна працаваць 24/7, роўна як і людзі, якія ліквідуюць наступствы ўдараў, і як нашыя ваяры, якія кожны дзень і кожную ноч робяць усё, каб тымі сіламі, якія ёсць ва Украіне, зрабіць як мага больш для Украіны, – падкрэсліў ён.

– Кожны дзень павінен надаваць сілаў украінскай дзяржаве. Кожны дзень павінны ўмацоўваць тыя ці іншыя ўкраінскія пазіцыі. Нам трэба, каб у Маскве ўпэўніліся, што вайна ім нічога не дасць. І толькі сілай мы можам гэтага дамагчыся. Усе ўкраінцы. Усе партнёры. І аднолькава катэгарычна, – рэзюмаваў прэзідэнт.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках