12 траўня 2024, Нядзеля, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусам трапіць у Польшчу за шэсць гадзін

2
Як беларусам трапіць у Польшчу за шэсць гадзін

Ёсць варыянты не стаяць у чэргах на мяжы.

Неўзабаве травеньскія святы і шмат выходных, а тым часам на выездзе з Беларусі ў Польшчу працягваюць збірацца вялізныя чэргі з аўто і аўтобусаў. Людзям даводзіцца чакаць дзясяткі гадзін.

Журналісты «Белсату» паглядзелі, якія ёсць іншыя варыянты патрапіць у Польшчу, акрамя адзінага дзейнага пункта пропуску на мяжы, і колькі гэта каштавацьме.

Да Вільні, а там 15 еўраў і вы праз гадзіну ў Варшаве

Аўтобус «Менск - Варшава» можа каштаваць да 200 рублёў у залежнасці ад часу, калі трэба браць квіток і перавозчыка. Можна знайсці варыянты і за 90 рублёў. «Менсктранс» рэкамендуе на такія рэйсы закладваць блізу 10 гадзін чакання на мяжы. Паводле звестак «Экалайнс», аўтобус, які павінен прыбыць з Менска ў Варшаву 26 красавіка а 08:55, прыбыў толькі а 17:15. Выходзіць, спазненне большае, чым на 8 гадзін.

Калі няма жадання стаяць на мяжы, але і на паездку шмат марнаваць не хочацца, можна заехаць у Польшчу праз Літву, дзе чэргаў звычайна няма альбо яны не такія вялікія. Напрыклад, той жа «Экалайнс» прапануе рэйсы «Менск-Вільня-Варшава». Каштуе гэта 200-230 рублёў. Праўда, з Вільні аўтобус можа ехаць у Беласток і потым толькі ў Варшаву. Час у дарозе складае 16-19 гадзін або 24 гадзіны 25 хвілін. Затое ў Літву ў апошнія дні аўтобусы прыходзілі без спазненняў ці з невялікімі затрымкамі. Калі вам весялей ехаць, а не стаяць у чэргах, тое гэта нядрэнны варыянт.

Ёсць хутчэйшы і больш выгодны спосаб - узяць квіток да Коўна. Гэта будзе каштаваць 140—150 рублёў. Час у дарозе - блізу 7 гадзін. А з Коўна ў Варшаву можна прыляцець за гадзіну, выдаткаваўшы €15 (без багажу). Галоўнае, падабраць час прыбыцця і вылету.

Паводле такой жа схемы можна ехаць праз Латвію, дзе таксама звычайна няма чэргаў на мяжы. Трэба даехаць да Рыгі і потым даляцець да Варшавы. Праўда, гэта будзе даражэй. Мабыць, ёсць сэнс выбіраць такі шлях, калі вам хочацца паглядзець Рыгу ці ў вас ёсць справы там. Квіток з Менска каштуе 180-190 рублёў. Час у дарозе - ад 9 гадзін да 13 гадзін 30 хвілін. Самалёт з Рыгі ў Варшаву ў залежнасці ад даты можна знайсці за €13 - €43 (без багажу). Час у палёце - 1 гадзіна 20 хвілін.

6 гадзін праз расейска-польскую мяжу

Ёсць даражэйшыя, але цікавыя варыянты. Можна паляцець з Менска ў Калінінград. Цэны палёту мяняюцца ў залежнасці ад дат і колькасці свабодных месцаў. На 26 траўня мы знайшлі самы танны за 368 рублёў. Ляцець - 2 гадзіны 40 хвілін. А з Калінінграда ў Гданьск можна прыехаць за 170 злотых - блізу €40. час у дарозе - ад 2 гадзін 50 хвілін да 3 гадзін 30 хвілін. Атрымліваецца, што ўсё падарожжа зойме блізу 6-7 гадзін. Пры гэтым трэба ўлічваць, што ў аэрапорт трэба прыбыць загадзя і перасадка ў аўтобус можа заняць гадзіну.

Гэты варыянт падыдзе тым, каму цікава паглядзець на мяжу Польшчы з Расеяй і тым, хто ехаў у Варшаву дзеля аэрапорта, бо ў Гданьску таксама ёсць аэрапорт. Напрыклад, вылецець можна хоць у Вялікую Брытанію - патрэбная толькі віза, ад €15 да €100 (без багажу) і 2 гадзіны 15 хвілін.

Калі ўлічыць, што некаторыя плацяць за тое, каб перасесці ў аўтобус бліжэй да мяжы з Польшчай па €40, то пераплата ў выпадку палёту ў Калінінград будзе не надта вялікая. Аднак папярэдне лепш праверыць, ці ёсць чэргі на мяжы Польшчы і Расеі.

Ёсць яшчэ шэраг варыянтаў з прылётам у Польшчу праз краіны, у якія лятае «Белавія». Напрыклад, праз Грузію, Турцыю, ААЭ. Праўда, атрымоўваецца вельмі дорага.

Кошты палётаў моцна залежаць ад дат. На адзін з рэйсаў «Белавія» ў Тбілісі набыць квіток можна за 927 рублёў. Ляцець 3гадзіны 40 хвілін. З Тбілісі ў Варшаву квіткі ёсць, як за $250, так і за $650. Час у дарозе – 3 гадзіны 55 хвілін. Такі варыянт можа падысці, калі вам трэба менавіта ў Польшчу. Калі не, то прасцей вылецець з Тбілісі адразу ў іншую краіну.

Рэальна зрабіць крыху таннейшым маршрут праз Грузію, калі выбраць Кутаісі. Квіток з Менска туды знаходзім на травень за 788 рублёў. Палёт - 3 гадзіны 55 хвілін. А з Кутаісі ў Варшаву - за €264. Ляцець 3:40 хвілін.

Яшчэ адзін з варыянтаў - Стамбул. Квіток з Менска на травень знайшлі за 1034 рублі. Па часе - 5 гадзін 30 хвілін. Паляцець са Стамбула ў Варшаву можна за $200-$500 за 2 гадзіны 25 хвілін. Праўда, з перасадкамі ў дарозе можна прабыць і больш за 24 гадзіны.

Праз Дубай кошты атрымліваюцца зусім шалёнымі і ў дарозе шмат часу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках